15 кастрычніка 2026 г.
25.09.2026 10:49
Сустрэча са старшынёй Сената Пакістана Саідам Юсуфам Разой Гілані
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 верасня правёў сустрэчу са старшынёй Сената Пакістана Саідам Юсуфам Разой Гілані.
24.09.2026г.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Кіраўнік дзяржавы, вітаючы высокага госця і членаў дэлегацыі Пакістана, звярнуў увагу на значны вопыт работы Саіда Юсуфа Разы Гілані на розных пасадах, у тым ліку ў органах выканаўчай і заканадаўчай улады, а таксама адзначыў яго практычныя веды, асабліва ў галіне эканомікі.
"У мяне да вас вельмі сур'ёзная просьба, маючы на ўвазе вашу вагу ў Пакістане, - каб мы ў рамках міжурадавай камісіі правялі сур'ёзную рэвізію нашых адносін, існуючых праектаў, і выйшлі на тыя напрамкі супрацоўніцтва, якія сёння патрэбны Пакістану і Беларусі. Каб не было затрымак у рэалізацыі гэтых праектаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на ўзроўні кіраўніцтва дзвюх краін склаліся добрыя адносіны. "Гэта абнадзейвае, што мы нямала яшчэ зробім. Хоць мы і так працуем нядрэнна. Але той узровень палітычнага ўзаемадзеяння, які ў нас існуе, і парламенцкага ўзаемадзеяння яўна не адпавядаюць таму эканамічнаму ўзроўню, які паміж Беларуссю і Пакістанам", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў час сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам дасягнута дамоўленасць, што ў бліжэйшай будучыні, асабліва ў гэтым і наступным годзе, адносіны ў сферы эканомікі будуць значна інтэнсіфікаваны. "Шахбаз вельмі паглыблены ў нашы адносіны. Але, шчыра вам скажу, хацелася б, каб мы ўсё рабілі своечасова", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Вельмі важнае пытанне - наладжванне нармальнага фінансавага абмену, нармальных адносін у сферы фінансаў паміж нашымі дзяржавамі. Думаю, гэта вам пад сілу сёння. Маючы на ўвазе перш за ўсё тую ролю, якую вы адыгрываеце ў свеце. Асабліва ў сувязі з тым, што вы робіце для ўрэгулявання канфлікту ў Армузскім праліве", - прадоўжыў Прэзідэнт.
Ён выказаў упэўненасць, што наладжванне нармальнай плацежнай інфраструктуры паміж дзяржавамі дасць магчымасць значна пашырыць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, у якім цяпер назіраецца некаторы спад.
"Мы апошнім часам пачалі зніжаць гандаль паміж дзвюма дзяржавамі. Шмат у чым гэта залежыць ад той плацежнай інфраструктуры, якая сёння існуе. З нашага боку ніякіх праблем, затрымак тут няма (у плане правядзення плацяжоў. - Заўвага). Думаю і спадзяюся, што пасля вашага візіту да нас будуць урэгуляваны гэтыя пытанні і з пакістанскага боку", - сказаў беларускі лідар.
Карыстаючыся выпадкам, Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць самыя добрыя словы і пажаданні здароўя цяперашняму Прэм'ер-міністру Шахбазу Шарыфу, а таксама былому Прэм'ер-міністру краіны Навазу Шарыфу. Прэзідэнт падзякаваў ім за ўсё, што яны зрабілі для развіцця беларуска-пакістанскіх адносін. "Вельмі спадзяюся, што і ў будучым мы зробім нямала", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Беларускі лідар згадаў аб варыянце, які быў прапанаваны пакістанскім бокам у час яго візіту да Наваза Шарыфа. "Ён прапанаваў добры варыянт (мы яго абсалютна падтрымліваем, у нас ёсць адпаведны вопыт) наладзіць цеснае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Калі сіла, жаданне, работа парламентарыяў будзе накіравана ў гэтым ключы, мы многага можам дасягнуць у нашых адносінах", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
"Давайце скарыстаемся момантам і вырашым усе застарэлыя праблемы, якія ў нас яшчэ, на жаль, існуюць", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
У сваю чаргу старшыня Сената Пакістана падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за выдатны прыём, аказаны яму асабіста і ўсёй дэлегацыі. "Гэта мой першы візіт у Беларусь. І мы лічым нашу дружбу нечым вельмі важным", - адзначыў ён.
Ён таксама павіншаваў Прэзідэнта Беларусі і Старшыню Савета Рэспублікі з 30-годдзем існавання верхняй палаты парламента.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь