20 красавіка 2026 г.
29.02.2024 14:59
Даклад аб развіцці беларускага футбола
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у бліжэйшы час навесці парадак у спартыўных клубах. Аб гэтым ён заявіў 29 лютага, заслухоўваючы даклад аб развіцці беларускага футбола.
29.02.2024г.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
На даклад да Кіраўніка дзяржавы былі запрошаны віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, які курыруе спартыўную сферу, Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, старшыня Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола" Мікалай Шарснёў і член Савета Рэспублікі Дзмітрый Баскаў.
"Я вас запрасіў для таго, каб пагаварыць аб сітуацыі, якая складваецца ў нашай спартыўнай супольнасці і перш за ўсё ў галіне футбола. Самы масавы від спорту, самы любімы від спорту сярод нашага насельніцтва. І такі від спорту, якім можна займацца ў любы час сутак у Беларусі і пры любых умовах надвор'я, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У цэлым, калі ацэньваць нашы спартыўныя дасягненні, яны нікуды не вартыя. Пры тых укладаннях і тых клопатах дзяржавы, якія мы аказваем спорту".
"Вы атрымліваеце нейкія прэферэнцыі. Парадак трэба навесці на працягу бліжэйшага часу - у першым квартале (гэтага года. - Заўвага). Ніхто не павінен атрымліваць ніякіх шалёных грошай. У адваротным выпадку вы будзеце ўсе пазбаўлены льгот. Клубы на сваіх чыноўнікаў і іншых прыбліжаных павінны зарабляць грошы самі. Няхай ідуць і просяць у спонсараў. А так у нас дзяржава з'яўляецца асноўным спонсарам", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія "пачынаюць выць" і скардзіцца на санкцыі, што беларускіх спартсменаў і каманды не дапускаюць да міжнародных спаборніцтваў. "А куды вас не пускаюць? Вас што, у Расію не пускаюць? Гэта самая моцная спартыўная дзяржава нашай планеты, - сказаў Прэзідэнт. - Я назіраю цяпер вельмі пільна (больш, упэўнены, чым хто-небудзь з вас), што адбываецца ў Расійскай Федэрацыі са спортам. Там пастаянна паказчыкі ў спорце павялічваюцца. Там лыжнікі бегалі слабей - цяпер бягуць хутчэй. Там хакей - ёсць хакей. І футбол там дай бог. Я гавару: выйграйце ў расіян. Паспаборнічайце з імі і прыйдзіце далажыце, што вы выступілі лепш, чым расіяне, ва ўсіх відах спорту. І ад вас больш нічога не трэба. Краіна будзе шчаслівая".
Што датычыцца ў цэлым цяперашніх вынікаў у айчынным спорце, Прэзідэнт выказаўся ёміста і вельмі дакладна: "Сорамна глядзець. Часам брыдка".
Ён таксама звярнуў увагу, што там, дзе ёсць вынікі, яны часта таксама нестабільныя, і значныя перамогі змяняюцца невыразнай гульнёй і вынікамі.
"Такі спорт народу не патрэбны. І з бюджэту ніхто гэта фінансаваць не будзе. Пра футбол я баюся нават гаварыць. Мы некаторыя каманды з суседніх дзяржаў раней у футболе проста не заўважалі. А цяпер?! Але мяне што абурае: аказваецца, новы кіраўнік федэрацыі з Міністрам спорту нешта не падзялілі. Яны не могуць працаваць адзін з адным. Цуды! Ды там жа дзяліць няма чаго!" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт паставіў усім жорсткую ўмову: "Увогуле, мужыкі, так: у гэтым годзе не будзе па відах спорту прагрэсу значнага і нармальных паказчыкаў - на пасады і крэслы не разлічвайце. Разумейце мяне, як хочаце".
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь