10.02.2025 16:51

Сустрэча з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага сустрэўся з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій. 

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта сустрэча за круглым сталом спрыяе адкрытасці і даверу.

"Нам вельмі пашанцавала, што ў сваёй навейшай гісторыі беларуская зямля не ведала рознагалоссяў, праследаванняў па рэлігійнай, нацыянальнай, расавай прыкмеце. Усе канфесіі жывуць тут у атмасферы ўзаемнай павагі, міру і згоды. У нашы дні гэта дзіўна для многіх, у тым ліку так званых цывілізаваных, краін. Суіснаванне хрысціянства, ісламу, іўдаізму і іншых рэлігій, асновы якіх не супярэчаць глыбінным каштоўнасцям беларускага грамадства, з'яднала і загартавала беларускую нацыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы заўсёды адкрыты для тых, хто прыходзіць да нас з дабром. Так будзе заўсёды. Ніколі не перашкаджаем замежным паломнікам, якія едуць пакланіцца нашым святыням. Мы дапамагаем людзям, якія трапілі ў бяду, перш за ўсё бежанцам. Пры гэтым не шкадуючы ўласнага жыцця гатовы даць рашучы адпор ворагу. Так бывала не раз у нашай тысячагадовай гісторыі", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што сёлета адзначаецца 80-годдзе Вялікай Перамогі. У час вайны беларускую зямлю абаранялі прадстаўнікі розных веравызнанняў.

"Мы разам перамаглі фашызм, здабылі мір, змацаваны крывёй многіх народаў. І вельмі гэтым мірам даражым, - заявіў беларускі лідар. - Нездарма ў Беларусі існуе традыцыя сумеснай міжрэлігійнай малітвы менавіта аб міры. Я заўсёды гавару: мір - гэта звышкаштоўнасць для любога народа, для ўсіх народаў. Нам важна гэты мір зберагчы".

"У краіне сёння склалася ўнікальная этнаканфесіянальная мадэль, якая магла б стаць прыкладам для многіх. Мы разам - улады, прадстаўнікі ўсіх канфесій - вывелі агульную формулу: павага - разуменне - згода. Наш народ прывык жыць менавіта так і нават не ўяўляе сабе, што бывае па-іншаму", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак у свеце бывае і наадварот. "Мы з болем у сэрцы бачым, да чаго дайшла сітуацыя ва Украіне, напрыклад. Нас таксама спрабавалі расхістаць у 2020 годзе, і ў тым ліку па рэлігійных пытаннях. Невыпадкова адзін з мацнейшых інфармацыйных удараў быў нанесены менавіта па свяшчэннаслужыцелях", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

"Цяжка пераацаніць плён вашага служэння на ніве ўмацавання традыцыйных каштоўнасцей (цяпер ужо крышку прасцей, калі за акіянам ачумелыя апрытомнелі). Вы ўзводзіце нябачны, але ад таго не менш надзейны духоўны шчыт паміж дабром і злом. І ў далейшай сумеснай рабоце мы будзем абапірацца на сямейныя, духоўныя каштоўнасці і разам выхоўваць дзяцей, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Любоў да Радзімы пачынаецца з дзіцяці: з любові да сям'і, свайго дома, свайго горада, храма. Інакш ператворымся ў іванаў без роду і племені".

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што на сустрэчы няма закрытых тэм і ён гатовы абмеркаваць усе пытанні, якія хвалююць свяшчэннаслужыцеляў. "Дзяржава нязменна займае канструктыўную пазіцыю - і будзе займаць - у пытаннях, якія датычацца дзейнасці нашых рэлігійных арганізацый. Але духоўнае жыццё - сфера вельмі тонкая. Таму, калі вы бачыце, што якая-небудзь тэма патрабуе дадатковай увагі, карэкціроўкі, я гатовы выслухаць вашы прапановы. Бо ўсё, што мы робім, мы робім дзеля міру і нашага духоўнага адзінства", - заявіў беларускі лідар.

"І яшчэ адна тэма, якая апошнім часам мяне хвалюе і якой я жыву, калі думаю пра нашае рэлігійнае развіццё, міжканфесійнае развіццё. Вы ведаеце, што мы ў гэтым годзе, я думаю, скончым прыводзіць у парадак нашу праваслаўную святыню - Жыровіцкі манастыр, храмы, паселішчы. Я хацеў бы, каб гэта было цэнтрам праваслаўя. У сувязі з гэтым прапаную (і абяцаю, калі вы прыміце рашэнне): мы павінны нашым рэлігіям, якія ў нас існуюць, стварыць адпаведныя цэнтры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта павінны быць прасторныя і даступныя для вернікаў святыні. Прэзідэнт запэўніў, што дзяржава падставіць плячо іншым канфесіям гэтак жа, як і праваслаўнай царкве. "Мы абавязкова дапаможам", - заявіў ён.

"Разумееце, храмаў шмат. Але павінен быць найважнейшы храм, святыня, куды будуць прыходзіць людзі не толькі з Беларусі, не толькі нашы суседзі, але і з далёкага замежжа. Таму падумайце і ўнясіце прапановы. Мы разам з грамадствам, нашым народам - я думаю, ён падтрымае такую ідэю - стварыць такія цэнтры прыцягнення нашых вернікаў, якой бы канфесіі яны не належалі. Вы ўсе аднолькава дарагія для дзяржавы, для мяне. І я буду рабіць усё для таго, каб вы, як сёння, жылі ў міры і згодзе, каб вы не глядзелі скоса адзін на аднаго", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што міжканфесійны мір, які склаўся ў Беларусі, - пэўны гонар для яго. "Такога міру ні ў адной краіне няма. І мы гэта павінны замацаваць гэтымі святынямі. Вось такая ідэя ў мяне. Калі нехта з кіраўнікоў нашых канфесій думае інакш, вы скажыце. Мы прымем адпаведнае ваша рашэнне і прапановы", - дадаў Прэзідэнт.

Падводзячы вынікі сустрэчы, Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз нагадаў аб сваёй прапанове стварыць у Беларусі рэлігійныя цэнтры. "Неабавязкова ў Мінску. І нават непажадана. Няхай у Мінску вашы прадстаўніцтвы будуць, тыя, якія сёння ёсць. У каго іх няма - магчыма, трэба нам падумаць і дапамагчы іх пабудаваць. А вось цэнтры, куды могуць прыехаць свабодна людзі, павінны быць. Вы падумайце. Я не гавару, што мы ўсё на плечы дзяржавы пакладзём, але гатовы адыграць асноўную, галоўную ролю і ў бліжэйшыя пяць гадоў стварыць такія цэнтры", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, летам ён мае намер пабываць у Жыровічах і азнаёміцца з вынікамі рэканструкцыі Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра. "Гэтак жа трэба зрабіць і каталіцкай царкве, мусульманам, іўдзеям і іншым, хто гэтага захоча. І мы мабілізуем і грамадства, і людзей. Таму падумайце над гэтай прапановай, гэта было б добрым вынікам нашай размовы", - рэзюмаваў беларускі лідар. 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца