20 красавіка 2026 г.
28.02.2025 10:50
Інтэрв'ю амерыканскаму блогеру Марыа Наўфалу
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 лютага даў інтэрв'ю амерыканскаму блогеру Марыа Наўфалу.
Інтэрв'ю доўжылася амаль паўтары гадзіны. Узнімаліся пытанні працэсу нармалізацыі адносін паміж Усходам і Захадам, у прыватнасці дыялог, які пачаўся паміж ЗША і Расіяй, перспектывы ўрэгулявання ва Украіне і ролі ў гэтым новай адміністрацыі ЗША, пытанні геапалітыкі і сучаснай сітуацыі ў міжнародных адносінах, перспектывы іх развіцця.
Марыа Наўфал - амерыканскі крыптапрадпрымальнік і блогер, аўтар праекта "Круглы стол" на платформе Х. Гэта відэаінтэрв'ю з палітычнымі і грамадскімі дзеячамі.
Як прызнаецца Марыа Наўфал, ён лічыць сябе максімальна аб'ектыўным чалавекам, які бачыць сваёй місіяй выбудоўванне мастоў паміж Захадам і Усходам з дапамогай новых медыя.
Кіраўніку дзяржавы было зададзена пытанне наконт таго, ці абмяркоўвалася ў ходзе яго нядаўніх кантактаў з Прэзідэнтам Расіі тэма будучай здзелкі паміж Украінай і ЗША па рэдказямельных металах. "Ці выказваў ён якое-небудзь меркаванне аб тым, ці прывядзе такое развіццё падзей да міру? Як у прынцыпе ён ацэньвае прагрэс у гэтым напрамку - у дасягненні міру? І, магчыма, ён дзяліўся з вамі ўражаннямі аб сваёй размове з Трампам, якая адбылася нядаўна", - спытаў інтэрв'юер.
"Толькі ў агульных рысах і аб размове з Трампам, і аб перагаворах у Саудаўскай Аравіі, і па рэдказямельных матэрыялах. Таму што праз тыдзень мы з ім сустрэнемся ў Маскве, і мы вельмі падрабязна і дэталёва пагаворым па ўсіх пытаннях. Па тэлефоне мы на гэта і спаслаліся, што мы сустрэнемся і абмяркуем усе пытанні ў дэталях", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Што датычыцца гэтых рэдказямельных матэрыялаў, я пытанне ўзняў (у размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. - Заўвага), гавару: дзіўна неяк - амерыканцы патрабуюць ад Украіны аддаць ім найважнейшае тое, што ў іх ёсць. Размова ж не толькі аб рэдказямельных матэрыялах ідзе ў ЗША. Але ідзе размова аб прыродным газе, аб нафце, аб лагістыцы (аб партах) і гэтак далей. Тут жа больш шырокае пытанне. І я Пуціну выклаў сваю пазіцыю вось у такім ключы. На што ён сказаў, што "амерыканцы ломяцца ў адчыненыя дзверы, гэта ёсць усё ў Расіі, мы можам з імі дамовіцца і працаваць". А потым публічна гэта агучыў", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пагадненне паміж ЗША і Украінай па рэдказямельных металах можа насцярожваць Расію і, хутчэй за ўсё, насцярожвае.
"Я так думаю. Я не абмяркоўваў з Расіяй і з Пуціным гэтыя пытанні. Мы абмяркуем гэта пытанне. Але, хутчэй за ўсё, гэта можа насцярожваць, калі Расія адчуе, што гэтыя дамоўленасці будуць выходзіць за рамкі эканамічных адносін. Калі гэта будзе чыстая эканоміка, не звязаная з ваенна-прамысловым комплексам, зброяй, узброенымі сіламі, чаму б і не? Расія спакойна будзе працаваць", - адзначыў беларускі лідар.
"Так, непрыемна, што магутная дзяржава ў выглядзе Злучаных Штатаў Амерыкі ў цябе пад плотам, за акном будзе распрацоўваць карысныя выкапні, ствараць свае прадпрыемствы і гэтак далей. Напэўна, не вельмі прыемна. Гэта мог бы рабіць ты, але робяць іншыя. Але гэта Расія перажыве. Расія велізарная, і ў яе гэтага дабра хапае", - дадаў Прэзідэнт.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у час яго апошніх кантактаў з Уладзімірам Пуціным расійскі лідар пацвердзіў гатоўнасць да перагавораў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, у тым ліку з украінскім бокам.
"Потым ён прадоўжыў гаварыць, што ўкраінцы і Зяленскі крыўдзяцца, што іх не паклікалі ў Саудаўскую Аравію. Гаворыць: "Навошта зваць, калі там пытанні былі Расіі і ЗША. Там толькі мімаходзь закранулі на гэтых перагаворах пытанні Украіны. Таму навошта было зваць Украіну". Але аб гэтым ужо і Трамп сказаў, у гэтым ключы. Калі будуць вырашацца пытанні Украіны, я думаю, без Украіны гэтыя пытанні ніхто вырашаць не будзе", - заявіў беларускі лідар.
"Наконт накіравання туды (ва Украіну. - Заўвага) міратворчых сіл. Расія ніколі з гэтым не згодзіцца. Прынамсі, такая пазіцыя Расіі на сённяшні дзень. Тым больш, што кіраўніцтва Еўрапейскага саюза, перш за ўсё Германіі і Францыі, займае вельмі агрэсіўную пазіцыю ў гэты момант, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Не ведаю, ці ўдалося Трампу на перагаворах з Макронам і Стармерам (Прэзідэнт Францыі і Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі. - Заўвага) схіліць іх у бок міру і мірных перагавораў, але вы бачыце - яны займаюць вельмі агрэсіўную пазіцыю адносна вайны Расіі і Украіны".
"Таму Расія катэгарычна супраць усялякіх міратворчых сіл з боку еўрапейскіх дзяржаў", - заявіў беларускі лідар.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь