14.03.2025 10:12

Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 13 сакавіка правялі перагаворы ў Крамлі. 

Націсніце для прагляду малюнка 13.03.2025г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Уладзімір Пуцін у час сустрэчы ў фармаце сам-насам павіншаваў беларускага калегу з перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Беларусі і заўважыў, што краінай для першага візіту стала Расія. "Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, вельмі рады Вас бачыць. Вельмі прыемна, што вы свой першы візіт пасля перавыбрання ў якасці Прэзідэнта Беларусі вырашылі нанесці менавіта ў Расію", - сказаў ён.

Гэта, паводле слоў Уладзіміра Пуціна, і зразумела, таму што паміж Беларуссю і Расіяй даўно склаліся асаблівыя адносіны - саюзніцкія, братэрскія ў прамым сэнсе слова. "Мы ўвесь час аб гэтым гаворым, але з улікам афіцыйнага характару Вашага візіту не лішнім будзе ўспомніць яшчэ раз. У нас гістарычныя сувязі, роднасныя вузы паміж вялікай колькасцю людзей. У нас сёння развіваюцца адносіны такім чынам, што яны маглі б быць прыкладам для адносін паміж многімі іншымі краінамі і ў сферы эканомікі, і ў сферы забеспячэння бяспекі, і нашага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, перш за ўсё на пляцоўках ААН, у ШАС, дзе Беларусь стала паўнапраўным членам арганізацыі, у БРІКС, дзе Беларусь таксама набыла статус партнёра", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.
Што датычыцца эканамічнага супрацоўніцтва, то ў гэтай сферы, паводле яго слоў, усё развіваецца самым найлепшым чынам, нягледзячы на розныя складанасці. Беларуска-расійскі тавараабарот за 2024 год, паводле даных беларускага боку, вырас на 6,3% і дасягнуў рэкорднага ўзроўню $51,8 млрд.

"Прычым работа ідзе як у звычайным рэжыме, так і на перспектыву. Мы адкрываем новыя напрамкі ўзаемадзеяння. З Вашай падачы мы пачалі прапрацоўку, і актыўна, пазітыўна ідзе работа, напрыклад, у сферы авіябудавання", - заўважыў Уладзімір Пуцін.

Акрамя таго, развіваюцца двухбаковыя адносіны ў сферы культуры, адукацыі, спорту. У гэтым годзе, напрыклад, у Беларусі пройдуць Дні расійскай культуры і Дні расійскага кіно. Звыш 80 суб'ектаў Расіі падтрымліваюць адносіны на рэгіянальным узроўні са сваімі партнёрамі ў рэгіёнах Беларусі. "Увогуле, практычна па ўсіх напрамках ідзе актыўная работа", - абагульніў Прэзідэнт РФ.

Ён таксама звярнуў увагу на дзелавы, насычаны характар цяперашняга візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Расію. Акрамя шэрага мерапрыемстваў, у парадку дня таксама падпісанне і абмен міжведамаснымі дакументамі, якія, паводле слоў Прэзідэнта Расіі, будуць дапамагаць рабоце на ўзроўні канкрэтных прадпрыемстваў, галін. "Упэўнены, што і сённяшні візіт пройдзе на добрым узроўні з добрым вынікам", - падкрэсліў Уладзімір Пуцін.

Прэзідэнт Расіі таксама паўтарыў сваё запрашэнне Аляксандру Лукашэнку наведаць парад у Маскве да 80-годдзя Перамогі 9 мая бягучага года. Акрамя таго, ён нагадаў аб запланаваным правядзенні ў Валгаградзе маштабнага форуму, прысвечанага 80-годдзю заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, і запрасіў беларускі бок да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве.

Аляксандр Лукашэнка ў час перагавораў заявіў аб народнай падтрымцы ў Беларусі курсу на супрацоўніцтва з Расіяй, што ў тым ліку прадэманстравалі і вынікі праведзеных прэзідэнцкіх выбараў.

"Я доўга думаў аб тым, што можна сказаць пра нашы адносіны. Яны сапраўды, як Вы сказалі, выйшлі на вельмі высокі ўзровень. Мы ствараем унікальнае ўтварэнне ў выглядзе Саюзнай дзяржавы, прыкладаў якога не было ў гісторыі. Ідзём непракладзеным шляхам. Гэта ўсё няпроста. Але, як Вы гаварылі, у нас ёсць добрае люстэрка, дзе мы бачым нашы крокі. І гэта эканоміка, гандлёва-эканамічныя адносіны. І кожны год (пры ўсіх праблемах - яны былі і будуць) мы прырастаем. Гэта сведчыць аб тым, што мы рухаемся ў нармальным напрамку", - сказаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб прэзідэнцкіх выбарах, што прайшлі ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў ходзе такіх палітычных кампаній заўсёды так ці інакш стаіць пытанне аб пэўным выбары вектара паміж Усходам і Захадам.

"Нашы выбары - гэта заўсёды адзін бок і другі. Другі бок, як у вядомым фільме гаварылі, разбегся. Частка збегла на Захад невялікая. Але ўсё ж у Беларусі яны ёсць, прытаіліся. Недзе нехта маўчыць", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён канстатаваў вельмі высокую яўку выбаршчыкаў на праведзеных выбарах і працэнт галасоў, які быў аддадзены ў падтрымку дзеючага Прэзідэнта. "Хоць з усіх бакоў стрымальныя былі фактары. Усё нашых людзей прытрымлівалі. У СМІ (апазіцыйных. - Заўвага) і іншае, каб яны не хадзілі на выбары", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што амаль 87% выбаршчыкаў прагаласавалі ў яго падтрымку. "А гэта ж было галасаванне: "Мы з Расіяй, усходні наш вектар, тут наша калыска або недзе там?" Ну вось адказ. Народ даў адказ. І ў нас гэта пытанне, як галоўнае пытанне, ціха, непублічна, яно заўсёды стаяла. Гэта асаблівасць нашых выбараў усіх. Таму вы ніколькі не сумнявайцеся. Не толькі я, мае калегі - члены Урада, дэпутаты - прыхільнікі самых цесных нашых адносін, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы пацвердзілі гэта ў нашай адзінай барацьбе сённяшняй, вастрыём якой з'яўляецца канфлікт ва Украіне. Мы заўсёды прытрымліваліся такога курсу. І вельмі важна, што народ прадэманстраваў. Нашы людзі цудоўна разумеюць, дзе нашы сябры, а дзе нашы праціўнікі, ворагі і сапернікі".

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў калегу за пачатак афіцыйнага візіту. "Патрэбна гэта дэманстрацыя для беларусаў, расіян, што мы разам. Што мы з'яўляемся суверэннымі незалежнымі дзяржавамі, але ў той жа час мы - родныя людзі. Што будзем пашыраць і далей", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Паміж намі, я знайшоў на парадак менш праблем, чым праблем, якія існуюць глабальна і нават у нашым рэгіёне. Мы ў гэтым плане паспяхова працуем. Вядома, ёсць пэўныя пытанні. Я думаю, мы іх закранём у больш шырокім складзе, калі спецыялісты будуць. Але мы ведаем гэтыя пытанні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Хацелася б, можа, каб мы хутчэй тут рухаліся. Але не заўсёды гэта атрымліваецца. І не толькі таму і не столькі гэта залежыць ад нас з вамі. Гэта залежыць і ад знешніх акалічнасцей. Мы гэта добра разумеем. Усё, за што мы бяромся, мы вырашаем грунтоўна. Як, напрыклад, імпартазамяшчэнне, процістаянне гэтым санкцыям. Усе думалі, што мы ўжо рухнем праз год. Але жывыя-здаровыя. Я ўпэўнены, што мы будзем жыць. Нам трэба крыху больш часу. І, магчыма, больш настойлівасці. Але нам гэтага не пазычаць, у нас гэта ў крыві", - упэўнены беларускі лідар. 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца