20 красавіка 2026 г.
17.03.2025 09:20
Удзел у пленарным пасяджэнні Савета Федэрацыі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка ў ходзе афіцыйнага візіту ў Расію прыняў удзел у пленарным пасяджэнні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.
14.03.2025г.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Расійскія сенатары сустрэлі Кіраўніка дзяржавы авацыямі. "Дзякуй вам вялікі! - падзякаваў ён парламентарыям. - Вельмі прыемна быць у гэтай зале. Вельмі ўважліва назіраем мы ў Беларусі за работай сената Расійскай Федэрацыі. Прыемна чуць пра вашы добрыя справы. Але мне яшчэ прыемна з вамі сустракацца".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў асаблівасць цяперашняй сустрэчы: "Тут вельмі шмат людзей, якія не проста помняць нашу гісторыю, але і рабілі гэту гісторыю. Гэта мы з вамі. І адсюль, чаго тут утойваць, мы людзі дарослыя, пасівелыя. Ужо не тыя, што былі 30-40 гадоў таму. Але мы самыя вопытныя людзі. Гэта нас і адрознівае сёння на гэтай сустрэчы".
Пытанне будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назваў вельмі важным для двухбаковых адносін.
Ён адзначыў, што выбары, якія прайшлі ў Беларусі, паказалі выбар народа, у якім напрамку арыентуецца краіна. "Галасаванне за дзеючую ўладу, за дзеючага Прэзідэнта якраз дае адказ на гэта пытанне, з кім мы і куды", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Беларусь Расія ніколі не страціць, калі адчуе душу гэтага народа - беларускага народа. Калі будзе так, то Беларусь, як сёння ў цяжкія часы, будзе разам з расіянамі, Расійскай Федэрацыяй. І не трэба тут нічога выдумляць, - запэўніў Прэзідэнт. - Па-іншаму быць не павінна. Мы самыя блізкія, гэта праверана часам і даказана рэальнымі справамі".
"Калі гаварыць зусім ужо шчыра, то Саюзная дзяржава жыве дзякуючы вам (парламентарыі ў Савеце Федэрацыі з'яўляюцца прадстаўнікамі рэгіёнаў РФ. - Заўвага), - сказаў ён. - У мяне ёсць магчымасць прадстаўнікам расійскіх рэгіёнаў сказаць вялікі дзякуй за тое, што ў свой час (былі ў нас не лепшыя часы, па-ўсякаму было) мы зрабілі стаўку ў Беларусі на работу з рэгіёнамі (Расіі. - Заўвага). І дзякуючы вам мы захавалі наша адзінства. Калі б вы тады не падтрымалі беларускія памкненні, у нас не было б сёння такіх адносін. І цяжка сёння было б гаварыць, дзе была б наша Беларусь".
Сёння мы, прэзідэнты і ўрады, прыслухоўваемся і рэалізуем прапановы і праекты кіраўнікоў на месцах. Махавік усебаковага ўзаемадзеяння з рэгіёнамі ў нас раскручаны па поўнай. Працэс рознаскарасны, а недзе хацелася б паднаціснуць. Але мяч не на нашым баку, Беларусь для Расіі адкрыта, нягледзячы на розныя патэнцыялы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў насычаны графік паездак у Беларусь расійскіх губернатараў ад Смаленска да Сахаліна і візітаў у адказ у расійскія рэгіёны членаў беларускага Урада і прадстаўнікоў дырэктарскага корпуса. Дзякуючы рэгулярна праводзімаму Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі пад патранатам беларускіх і расійскіх сенатараў гэта сувязь захоўваецца, а скарбонка паспяховых праектаў пастаянна папаўняецца. Толькі ў мінулым годзе ў рамках названага мерапрыемства падпісана кантрактаў на суму больш за Br1 млрд.
Беларускі лідар упэўнены, што пад кіраўніцтвам спікераў верхніх палат парламентаў Наталлі Качанавай і Валянціны Мацвіенка ў бягучым годзе Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Ніжнім Ноўгарадзе збярэ яшчэ больш удзельнікаў і гасцей.
"Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што мы абавязкова асабіста прыедзем на гэты форум", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь