20 красавіка 2026 г.
24.06.2025 11:10
Сустрэча з губернатарам Кемераўскай вобласці - Кузбаса Расійскай Федэрацыі Ільёй Серадзюком
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 чэрвеня сустрэўся з губернатарам Кемераўскай вобласці - Кузбаса Расійскай Федэрацыі Ільёй Серадзюком.
22.06.2025г.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, Сібір для Беларусі - родны, блізкі і зразумелы рэгіён.
"Як я некалі Барысу Мікалаевічу сказаў, хачу і вам сказаць: калі вы думаеце, што Сібір для нас - гэта нешта чужое, вы памыляецеся. Гэта роднае, блізкае, зразумелае нам. Яшчэ і таму, што там сёння не зусім многа, але некалькі тысяч беларусаў жывуць. І вялікіх праблем, думаю, яны вам там не ствараюць. І таму нам Сібір не далёкая, і Кузбас як жамчужына Сібіры, вядома, для нас блізкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў канцы 1990-х наведваў Кемераўскую вобласць. Кузбасам тады кіраваў губернатар Аман Тулееў. "Мы даволі адкрыта абмяркоўвалі нашы праблемы ва ўзаемаадносінах. Мы з ім былі вельмі дружныя, нашы погляды шмат у чым супадалі. Але мы абмяркоўвалі праблему пэўнай дарагоўлі нашай тэхнікі, якую мы туды пастаўляем. Ён мне адкрыта гаварыў: "Неяк дарагавата. Я ведаю, чаму". Пасрэднікаў шмат было. Я гавару: "Ёсць магчымасць гэта вельмі проста вырашыць". - "Як?" - "Давай дамовімся, Аман, так: я прыводжу сюды па цэнах Беларусі тэхніку, а далей ты прадавай каму палічыш патрэбным і забірай гэту нацэнку ад гандлю і гэтак далей. Але тады да мяне прэтэнзій не будзе". Я выразна ўспамінаю сваю сустрэчу з тым губернатарам і маю прапанову", - падзяліўся Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дапусціў, што праблему пасрэдніцтва, магчыма, не ўдалося поўнасцю вырашыць. "Пасрэднікі былі і ёсць, але яны не павінны быць нядобрасумленнымі. Вы ведаеце, куды іх грошы ідуць. Нацэнкі яны робяць немалыя. Калі ёсць такая неабходнасць, мы са свайго боку вельмі строга кантралюем цэны. Тым больш усе буйныя кампаніі, якія гандлююць з Кузбасам, дзяржаўныя. Кіруемыя і разумеюць мэты нашых адносін. Мы можам узяць гэта пад кантроль, калі вы можаце зрабіць гэта са свайго боку", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Кемераўскай вобласці шырока выкарыстоўваецца беларуская тэхніка. Разам з тым тавараабарот апошнім часам стаў прасядаць. Так, у 2024 годзе Беларусь і Кемераўская вобласць нагандлявалі на $225 млн. Для параўнання: у 2022 годзе тавараабарот перасягнуў $614 млн.
"Паўмільярда стабільна, я думаю, мы можам мець тавараабарот. І ад гэтага адыходзіць не павінны. Я разумею цяжкасці і складанасці, пра якія сёння гавораць (толькі лянівы не гаворыць): вось у Расіі і стаўкі, і тое, і другое. Вы ведаеце, заўсёды можна на нешта спаслацца, але калі мы паставім перад сабой мэту пераўзысці ўсё гэта, нівеліраваць, мы гэта можам зрабіць. Калі мы паставім за мэту хаця б паўмільярда долараў мець тавараабарот з Кузбасам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У Кемераўскай вобласці, у прыватнасці, запатрабаваны самазвалы БЕЛАЗ. У пэўным сэнсе Кузбас нават з'яўляецца своеасаблівым выпрабавальным палігонам для беларускай тэхнікі: у гэты рэгіён ідуць самыя перадавыя ўзоры. Беларусь гатова пашыраць пастаўкі пасажырскай, сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі.
"Але ёсць праблема, якую нам з вамі трэба вырашыць. Гэта мультыбрэндавыя цэнтры, якія стварылі ў Кузбасе. Там прадстаўлена ўся тэхніка: і МАЗ, і МТЗ, і "Белкамунмаш", і сельскагаспадарчая прычапная тэхніка. Мы гатовы шырэй супрацоўнічаць праз вас з тым рэгіёнам, дзе размешчаны Кузбас. Гэта фактычна палавіна Сібіры. Густанаселенай Сібіры. Давайце разам падумаем, як гэты цэнтр задзейнічаць такім чынам, каб ён павялічваў свае аб'ёмы. Мы да гэтага гатовы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што Беларусь гатова прадаставіць партнёрам і пэўныя прэферэнцыі, напрыклад прадаваць тэхніку ў лізінг. "Адзінае, нам у гэтым плане патрэбны гарантыі. Гарантыі - гэта сумленна. Каб мы паставілі па лізінгу - і аплата была. Таму што мы дзясяткі мільёнаў долараў страцілі ў Расіі, калі супрацоўнічалі без гарантый невядома з якімі кампаніямі. Яны развальваліся, сыходзілі, а потым генеральныя пракуроры Расіі і Беларусі (дзякуй пракуратуры Расіі) па ўсёй Расіі шукалі гэтых людзей для таго, каб прыцягнуць да адказнасці. Гэта нядобра. Таму нам патрэбны гарантыі", - заявіў Прэзідэнт.
Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Беларусь у тым ці іншым аб'ёме заўсёды пастаўляла гэтыя тавары ў Кемераўскую вобласць.
"Калі вас гэта задавольвае, мы гатовы з вамі працаваць у галіне насенняводства, племяннога развядзення жывёлы, па іншых напрамках, у тым ліку бульбаводстве (у нас цэлы інстытут, і мы нядрэнна працуем па насенні і новых сартах любых культур). Увогуле, спектр адносін вялізны. Калі толькі мы здольны падставіць у нечым плячо вашаму рэгіёну, мы заўсёды гатовы гэта зрабіць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь