20 красавіка 2026 г.
27.06.2025 09:10
Удзел у пленарным пасяджэнні IV Еўразійскага эканамічнага форуму ў Мінску
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 чэрвеня прыняў удзел у пленарным пасяджэнні IV Еўразійскага эканамічнага форуму "Стратэгія еўразійскай эканамічнай інтэграцыі: вынікі і перспектывы" ў Мінску.
26.06.2025г.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў бягучым годзе Беларусь старшынствуе ў органах ЕАЭС. А Еўразійскі эканамічны форум - самая маштабная адкрытая дыскусійная пляцоўка аб'яднання.
"У гэтай зале прысутнічаюць прадстаўнікі больш як 30 краін свету. Упэўнены, праведзены на працягу дня і будучы абмен думкамі будзе карысным для далейшага развіцця ЕАЭС", - сказаў Прэзідэнт.
ЕАЭС перасягнуў ужо дзесяцігадовы рубеж. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, насуперак скептыкам, аб'яднанне паказала здольнасць да знаходжання ўзаемапрымальных рашэнняў і рабочых кампрамісаў. "Яно не проста функцыянуе, але і дабіваецца поспеху па асноўных параметрах", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў некалькі паказчыкаў. За 10 гадоў больш як у два разы павялічыўся ўзаемны тавараабарот краін-удзельніц і на 37 працэнтаў - аб'ём знешняга гандлю. Сукупны ВУП саюза вырас амаль на 18 працэнтаў, прамысловая вытворчасць - на 30%, аб'ём прадукцыі сельскай гаспадаркі - на 25%, грузаабарот - на 10%, аб'ём інвестыцый - больш як на 40%. Узровень беспрацоўя знізіўся амаль у два разы і складае 2,8%.
"Еўразійскі бізнес у поўнай меры адчуў перавагі бяспошліннага трансгранічнага гандлю і прымянення адзіных норм права, бесперашкодных узаемаразлікаў у нацыянальных валютах. Важным дасягненнем для нашых грамадзян з'яўляюцца магчымасці свабоднага працаўладкавання ў ЕАЭС. Створаны лічбавы сэрвіс "Работа без меж", забяспечаны роўныя правы ў сферы пенсійнага забеспячэння, прызнанне дакументаў аб адукацыі", - звярнуў увагу беларускі лідар.
У Еўразійскага эканамічнага саюза з'явіліся краіны-наглядальнікі на розных кантынентах, заключаюцца гандлёвыя пагадненні. "Гэта значыць і геаграфія, і функцыянал ЕАЭС пашыраюцца", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь