07.10.2025 09:24

Перагаворы з Султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 кастрычніка правёў перагаворы з Султанам Амана Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам у Палацы Незалежнасці. 

Націсніце для прагляду малюнка 06.10.2025г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Афіцыйным перагаворам Кіраўніка беларускай дзяржавы і Султана Амана папярэднічала ўрачыстая сустрэча ў Палацы Незалежнасці з удзелам роты ганаровай варты і выкананнем дзяржаўных гімнаў, а таксама цырымонія фатаграфавання.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў пачатку сустрэчы звярнуў увагу, што дамоўленасць аб візіце Султана Амана была дасягнута ў снежні 2024 года, у час візіту беларускага лідара ў Аман. Такім чынам, прыбыўшы з візітам у Мінск, Хайсам бен Тарэк Аль Саід, можна сказаць, стрымаў абяцанне. "Хачу афіцыйна заявіць, што вы - чалавек слова: паабяцалі прыехаць - прыехалі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што ў сродках масавай інфармацыі візіт Султана Амана ў Мінск называлі гістарычным. "Я гэты пункт гледжання падзяляю", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да высокага госця, падкрэсліў: "Хачу, каб вы разумелі: мы поўныя жадання зрабіць усё, каб паміж нашымі краінамі былі найлепшыя адносіны".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў добрую падрыхтоўку, якая папярэднічала візіту. Бакам, паводле яго слоў, удалося выйсці не проста на заявы аб намерах, а на канкрэтныя дамоўленасці. І лідарам дзвюх краін давядзецца абмеркаваць шляхі рэалізацыі гэтых дамоўленасцей. У прыватнасці, падрыхтавана і запланавана да падпісання дарожная карта па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. "Гэта значыць, дарожная карта ёсць. Для нас (кіраўнікоў дзяржаў. - Заўвага) работа адна - узгадніць гэты план сумесных дзеянняў і, вядома, пракантраляваць, каб ён быў рэалізаваны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запэўніў, што ў тым рэгіёне, дзе размешчаны Аман, для Беларусі няма больш блізкай краіны, чым гэта. "Таму мы гатовы з вамі па ўсіх напрамках мець адносіны. Хачу вас запэўніць, што калі мы дамовімся па якім-небудзь пытанні, мы абавязкова выканаем яго", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Хачу вас запэўніць, што вы не пашкадуеце аб тым, што прыехалі ў Беларусь", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка. І з доляй гумару дадаў: "Ну, і буду чакаць вас (наступны раз з візітам у Беларусь. - Заўвага) зімой".

"У снежні мінулага года ў Маскаце мы дамовіліся разам адкрыць новую главу ў нашых адносінах і пачаць адлік іх новага этапу з вашага першага афіцыйнага візіту ў Мінск. Напярэдадні гэтай падзеі праведзена вялікая работа. Падрыхтавана паўнацэнная дарожная карта супрацоўніцтва, насычаная канкрэтнымі задачамі ў сферах харчовай бяспекі, прамысловасці, турызму, транспарту і лагістыкі, інвестыцый", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. 

 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца