14.01.2026 09:08

Прыём ад імя Прэзідэнта на стары Новы год

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня на прыёме ад імя Прэзідэнта Беларусі на стары Новы год адзначыў заслугі тых, хто рухае краіну наперад канкрэтнымі справамі.  

Націсніце для прагляду малюнка 13.01.2026г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Цяперашняе мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка назваў добрай традыцыяй, адна з якіх - сустрэча старога Новага года, другая - прыём, які завяршае шэраг зімовых свят. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рады бачыць тых, хто сабраўся, і ў іх асобе перш за ўсё падзякаваў усім за мінулы год. Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт падкрэсліў: "Па сутнасці, мы ўсе служым Айчыне, рухаючы Беларусь наперад канкрэтнымі справамі ў эканоміцы, адукацыі, ахове здароўя, культуры, спорце, дзяржаўным кіраванні. Гэта штодзённая праца".

"Асабліва мне спадабаўся ваш парыў па снегаачыстцы нашай краіны. Журналісты неяк жартам падавалі ўсё гэта. Але ў гэтым жарце ёсць доля праўды, і немалая доля. Вось так мы павінны быць заўсёды - адзіныя. Не ныць, не стагнаць (такія былі, вядома, няшмат, але былі)", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх у поўнай меры адчуць радасць ад па-сапраўднаму зімовага надвор'я, бо ў Беларусі такое здараецца далёка не кожны год. "Да татаў і мам хацеў бы звярнуцца і папрасіць іх: разам з дзецьмі - у снег, на вуліцу! Няхай яны запомняць гэту зіму. Клімат змяніўся, вы гэта ведаеце. І не факт, што ў наступным годзе або яшчэ калі-небудзь будуць такія цудоўныя зімы. Гэта сапраўдная зіма, якую падарыў нам Гасподзь напярэдадні Новага года і пасля яго", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт, падводзячы вынікі мінулага года, назваў яго паспяховым і шмат у чым знакавым. Хоць існавала верагоднасць, што 2025-ы мог стаць і цяжкім, непаспяховым. Але беларусы, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, аб'ядналіся і зрабілі ўсё, каб гэтага не здарылася. "І павінны зрабіць усё, каб надыходзячы год быў лепшым. У гэтым сэнс нашага жыцця. Тым больш што ўпершыню ў нашай суверэннай гісторыі мы выбралі не проста тэму года, мы выбралі яго сімвал", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта рашэнне было вельмі станоўча ўспрынята не толькі самімі жанчынамі, але і мужчынамі. "Год беларускай жанчыны павінен стаць асаблівым", - канстатаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх з зімовымі святамі, пажадаўшы здароўя, шчасця, дабрабыту і радасці. "Няхай гэты ўрачысты прыём стане вечарам прыемных сюрпрызаў, доўгачаканых падарункаў і толькі добрых навін", - сказаў ён.

Медалі, Падзякі Прэзідэнта і нагрудныя знакі да ганаровых званняў Кіраўнік дзяржавы ўручыў супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі, выдатным дзяржаўным і спартыўным дзеячам. 

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны першы намеснік старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (НДТРК) Сяргей Гусачэнка і дырэктар Нацыянальнага філіяла (прадстаўніцтва) Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" у Беларусі Вольга Шпілеўская. 

Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта начальніку сектара па апрацоўцы фотаінфармацыі РУП "Беларускае тэлеграфнае агенцтва" Ірыне Ягоршынай, генеральнаму прадзюсару Беларускага радыё НДТРК Антону Васюкевічу, уласнаму карэспандэнту ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал" Максіму Вечаркову, галоўнаму дырэктару галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Першы інфармацыйны" НДТРК Наталлі Гарахавік і палітычнаму аглядальніку ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" Яўгену Пуставому. 

Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў нагрудныя знакі да ганаровых званняў. Звання "Заслужаны работнік сродкаў масавай інфармацыі" ўдастоены дырэктар - галоўны рэдактар установы Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі "Выдавецкі дом "Беларусь сегодня" Дзмітрый Жук, звання "Заслужаны супрацоўнік органаў дзяржаўнай бяспекі" - старшыня КДБ Іван Тэртэль, звання - "Заслужаны майстар спорту" - спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Беларусі па скачках на батуце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастычных відах спорту Іван Літвіновіч. 

 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца