17.02.2026 17:18

Справаздача Урада Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь за 2025 год

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лютага прыняў справаздачу Урада за 2025 год. 

Націсніце для прагляду малюнка 17.02.2026г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

"Мерапрыемства не ўрачыстага характару. Вельмі хацеў бы, каб яно было рабочым, - адразу пасля прыбыцця расставіў акцэнты Кіраўнік дзяржавы. - Мы знаходзімся ў вельмі няпростай сітуацыі. І з усходу, і з захаду пад вельмі сур'ёзным прэсам. Я гавару пра эканоміку. Хоць і палітыка ёсць адлюстраванне эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як гаварылі класікі. З аднаго боку Еўрапейскі саюз. З другога - Кітайская Народная Рэспубліка і Расія. Наш галоўны саюзнік і партнёр знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, мы гэта адчуваем, паколькі гэта наш асноўны рынак".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што напярэдадні на сустрэчы з Дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым была абмеркавана сітуацыя з пункту гледжання эканомікі на агульнай прасторы. "Прыйшлі да адзінага меркавання, што проста не будзе", - сказаў ён.

"Ну для таго мы і ёсць, як нас называюць, эліта - самыя падрыхтаваныя і інфармаваныя людзі. І ў любой сітуацыі мы павінны працаваць і выдаваць вынік. Таму я вас заклікаю да вельмі адкрытай размовы. Прыхарошваць нічога не трэба. Акуратна, тонка, але мы, нават правяраючы Узброеныя Сілы, адкрыта гаворым пра нашы недахопы. Што наогул ніколі не прынята рабіць ні ў адной дзяржаве", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Час амаль ваенны. Чаму? Эканоміка стала рэальным полем бою. Эканамічнымі інструментамі дасягаюцца мэты класічнай вайны: адабраць рэсурсы, выклікаць сацыяльныя пратэсты, прымусіць выконваць не нашы правілы - жыць па іншых правілах, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я хачу, каб вы адкрылі вочы і зразумелі, як развіваецца свет. Гасподзь нас усцярог ад гэтай жудаснай незразумелай рыначнай эканомікі. Памятаеце, нас вучылі ўвесь час: рынак усё адрэгулюе. Нічога мы не кінулі, цярпелі і сёння зразумелі: ніякі рынак нічога не рэгулюе. Глянуў на поўнач - Грэнландыя багатая - давай яе сюды. Нават Канада, адна з буйнейшых краін свету, 51-м штатам павінна быць. Венесуэла: схапілі Прэзідэнта. Які картэль, якія наркотыкі? Нафта!"

"І я ўдзячны Прэзідэнту ЗША, што ён адкрыта гэта робіць. Мы цяпер зразумелі, куды нас цягнулі. Праз ліберальныя нейкія прынцыпы нас пераконвалі ў тым, што мы павінны дзейнічаць так, а не інакш. Вытрымалі, разумеем, што рабіць, куды ісці. Спадзявацца трэба толькі на сябе. Не трэба ні на каго разлічваць. Самыя лепшыя сябры - як мінімум гэта нашы канкурэнты", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пералічыў такія эканамічныя інструменты, якія выкарыстоўваюцца ў мэтах націску.

Першае - санкцыі. "Але для вас і для мяне іх няма. Калі пачалі б спасылацца на санкцыі, нас ужо не існавала б, - падкрэсліў беларускі лідар. - Як толькі набяром сабе ў галаву, што немагчыма працаваць - усё, мы загінем. Няпроста цяпер. Правал студзеня бягучага года сведчыць аб тым, што і будзе вельмі няпроста. Але ўсюды ёсць адказныя людзі, якія павінны даваць вынік. Не будзе выніку - прыйдзем да ваеннай эканомікі. А там да трох не размаўляюць".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пад непасрэдным дзеяннем санкцый знаходзіцца больш як паўсотня краін свету, а другасны эфект датычыцца, напэўна, ужо соцень дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю аб тым, каб стварыць аб'яднанне краін свету, якія знаходзяцца пад санкцыямі, уключаючы Кітай. "Калі мы аб'яднаемся і дамовімся, спалохаюцца тыя, хто ўвялі супраць нас санкцыі", - сказаў Прэзідэнт.

Другое - эмбарга. "Гандлёвай блакадай і замарозкай актываў душаць сёння на вачах усяго свету Кубу", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Трэцяе - тарыфныя войны. Тут у арсенале пошліны, квоты, забарона на імпарт і экспарт асобных тавараў.

Чацвёртае - валютныя атакі. "Праз абмежаванне хаджэння долараў, націск на курс і разлікі ў пэўнай валюце паспрабавалі ўчыніць каляровую рэвалюцыю ў Іране", - сказаў Прэзідэнт.

Пятае - барацьба за тэхналогіі. Тут мае месца канкурэнцыя ў самым непрыкрытым, неакаланіяльным выглядзе, заўважыў беларускі лідар. Гэта забарона на пастаўку абсталявання, чыпаў, праграмнага забеспячэння, блакіроўка доступу да навукаёмістых галін.

Шостае - кантроль ланцужкоў паставак, г.зн. спроба зрабіць іншыя краіны залежнымі ад лагістыкі і інфраструктуры.

"Беларусь на сабе ў поўнай меры адчула ўвесь гэты букет "цывілізаваных правіл". Разам з тым, як мы дамовіліся некалі, знешнія ўмовы вывучаем і разумеем, але працаваць ва ўмовах абмежаванняў і санкцый мы павінны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ў якасці тэматыкі мерапрыемства абазначыў падвядзенне вынікаў дзейнасці Урада ў 2025 годзе і вызначэнне эканамічных перспектыў бягучага года.

 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Больш таго, ужо вядомы вынікі студзеня 2026 года. Як дакладваюць Прэзідэнту, Урад і Нацыянальны банк, старшыні аблвыканкамаў студзень поўнасцю правалілі.

"Я і адкладваў справаздачу Урада на гэты час, каб мы ўжо мелі дакладныя вынікі мінулага года і атрымалі вынікі першага месяца, каб вызначыцца і бачыць тэндэнцыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Урад - гэта не толькі Прэм'ер-міністр і яго намеснікі, кіраўнікі міністэрстваў, але і работнікі Апарату Савета Міністраў, дырэктары важнейшых арганізацый, без якіх нельга вырашыць ніводнае пытанне. Менавіта таму я папрасіў членаў Урада і вядучых нашых дзеячаў запрасіць, каб разумелі тую адказнасць, якая на нас ляжыць у гэтым годзе", - адзначыў Прэзідэнт.

"Увесь год у гэтай важнейшай сферы ішло ўстойлівае запаволенне тэмпаў, у другім паўгоддзі спрацавалі з адмоўнай дынамікай 98,2%. Студзень 2026 года - яшчэ мінус 3,4%. У складанай сітуацыі знаходзіцца палавіна апрацоўчай прамысловасці, калі не сказаць горш, - указаў Прэзідэнт. - На ключавым расійскім рынку толькі Мінпрам не дабраў у мінулым годзе $1 млрд. Што яшчэ горш (тое, аб чым я папярэджваў Прэм'ер-міністра) - завезлі туды тавар, там пакінулі без аплаты. Назіраем спад выпуску ключавых тавараў".

Разам з гэтым мае месца ўражальны рост запасаў - 2,5 млрд бел. руб. за мінулы год. "На складах фактычна замарожана прадукцыі на $4 млрд (12 млрд бел. руб.). І ў студзені бягучага года дабавілі яшчэ 800 млн бел. руб. Вось наша работа", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Плюс да гэтага з-за мяжы не вернута амаль $500 млн экспартнай выручкі (пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць).

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на шэраг праблемных пытанняў у сельскай гаспадарцы, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння.

"На фоне добрага ўраджаю агульны вынік сельскай гаспадаркі крыху большы за 100% (да ўзроўню папярэдняга года. - Заўвага) не намнога лепшы, чым год таму. Пры гэтым сельгасарганізацыі спрацавалі з тэмпам 102,7%. Гэта значыць, наш курс на буйнатаварную гаспадарку ў цэлым правільны, - сказаў Прэзідэнт. - Вырасла жывёлагадоўля (103%), забяспечаны рэкордны экспарт прадуктаў харчавання - $10 млрд. Але недапушчальная сітуацыя з падзяжом (загінула 145 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы. - Заўвага), хранічная завінавачанасць сельгасарганізацый змазваюць гэтыя падагульняючыя рэзультаты".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не першую пяцігодку ўжо ставіцца мэта зрабіць аграрны сектар фінансава ўстойлівым прыбытковым бізнесам. "Так, зарабляем нядрэнна, але толькі дзяржпадтрымка на пакрыццё страт склала 2,1 млрд бел. руб. Не кажучы ўжо пра льготныя пазыкі і пазыкі з бюджэту. Хтосьці скажа: дзяржаўная дапамога сельскаму сегменту - гэта паўсюдная сусветная практыка. Магчыма, - заўважыў беларускі лідар. - Але сітуацыя такая, што палова айчынных сельгасарганізацый па-ранейшаму шмат у чым існуе за кошт даўгоў, авансаў перапрацоўшчыкаў і без своечасовай падтрымкі стратная. Людзей на месцах гэта ўжо даўно не здзіўляе, успрымаюць як нармальную з'яву. Асабліва ў Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай - усходніх абласцях. Ды і ў іншых не без праблем".

Звярнуў Кіраўнік дзяржавы ўвагу і на недахопы ў сяўбе азімых: "У мінулым годзе правялі сяўбу азімых, але ў трэці гаспадарак не ўнеслі мінеральныя ўгнаенні, або 20% ад патрэбнасці. Не кажучы ўжо пра тое, што ва ўстаноўленыя тэрміны гэту сяўбу не завяршылі ні ў адной вобласці. Глядзіце, гэта вашы праблемы. Але ніжэй, чым 11,5 млн т па краіне мы атрымаць збожжавых не можам".

"Пад веснавую сяўбу назапашванне ўгнаенняў зноў буксуе - на 200 тыс. т менш, чым год таму", - заўважыў беларускі лідар.

Акрамя таго, у кожнай трэцяй гаспадарцы фіксуюцца парушэнні ў пытанні нарыхтоўкі кармоў. "Адкуль потым будуць здаровая жывёла, прыбаўленні ў вазе і надоі, калі такі тэхналагічны бардак у гаспадарках? Затое па падзяжы ўжо ў гэтым годзе ўстанавілі чарговы антырэкорд - 19,2 тыс. за адзін месяц толькі БРЖ. Я не гавару аб свіннях, птушцы і гэтак далей. Рост у паўтара раза! - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - І здзіўляюць мяне разважанні асобных кіраўнікоў і членаў Урада, губернатараў: "Мы на працягу года выправім". Што вы выправіце, калі ўжо 20 тыс. за адзін месяц загінула?"

Яшчэ адзін недахоп: нягледзячы на даручэнні Прэзідэнта, землі зарастаюць хмызнякамі. "Штогод пад хмызнякамі і хламам застаюцца 800 тыс. га. Гэта 22 Мінскі! І лічба не мяняецца ў меншы бок ужо мінімум пяць гадоў, - прывёў даныя беларускі лідар. - Гэтыя хмызнякі неабходна вынішчыць, калі трэба, завезці арганіку, торф і зрабіць землямі сельгаспрызначэння".

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым кантэксце адзначыў, што нядаўна бачыў па тэлебачанні сюжэт, што Беларусь пастаўляе ў Кітай вагонамі торф, каб там палепшыць урадлівасць зямлі. У той жа час унутры Беларусі гэтым рэсурсам, відаць, карыстаюцца не ў поўнай меры. "А на месцы мы не можам гэтым скарыстацца? Ці нам не патрэбны землі сельгаспрызначэння? - звярнуў увагу беларускі лідар. - Зямлі сельгаспрызначэння - гэта святое. Насельніцтва ў свеце пастаянна расце. Не сёння, дык заўтра прадукты харчавання будуць даражэйшыя за золата". 

 

  • Падзяліцца