09.03.2026 09:02

Наведванне рэстарана сеткі "Мак.бай"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 сакавіка прыехаў у адзін з рэстаранаў сеткі "Мак.бай". 

Націсніце для прагляду малюнка 08.03.2026г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

"Мак.бай", куды прыехаў Кіраўнік дзяржавы, знаходзіцца ў Першым нацыянальным гандлёвым доме. Рэстаран адкрыўся ў канцы мінулага года і размясціўся на першым паверсе гандлёвага цэнтра. Прастора разлічана на 139 пасадачных месцаў. Як і ў іншых рэстаранах сеткі "Мак.бай", тут укаранёны ўсе ключавыя інавацыі: кіёскі самаабслугоўвання, лічбавыя меню-борды, інтэрактыўная гульнявая зона для дзяцей, падзелены зоны прыёму і выдачы заказаў.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пасля адыходу "Макдональдса" з Беларусі даручыў зрабіць так, каб айчынны аналаг быў не горшы за амерыканскую сетку хуткага абслугоўвання. Праз некаторы час сетка змяніла шыльду на Mak.by, а пры гатаванні страў у пераважнай большасці сталі выкарыстоўваць беларускія інгрэдыенты. Прэзідэнту расказалі аб тым, з якіх прадуктаў гатуюць стравы ў меню "Мак.бай".

Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў з персаналам, які працуе ў рэстаране. У асноўным тут працуе моладзь, але некаторыя супрацоўнікі рэстарана засталіся ў сетцы "Мак.бай" пасля адыходу "Макдональдса". Прэзідэнт пацікавіўся, як змяніліся ўмовы работы ў рэстаране пад новай шыльдай. Работнікі, якія пачыналі яшчэ з "Макдональдса", прызналіся, што нават не заўважылі розніцы пасля адыходу амерыканскага брэнда.

"Інакш кажучы, мы правільна зрабілі: паехалі - і едзьце (размова пра адыход "Макдональдса". - Заўвага). Але вы ж засталіся, якія ўсё гэта ўмеюць. Задача была адна - прывезці абсталяванне. Хоць і не ў абсталяванні справа. Задача была ў тым, каб узяцца за справу і зрабіць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Так мы павінны рухацца наперад. Мы павінны рабіць крэн на сваё".

"А цяпер няхай амерыканцы прыйдуць і паглядзяць. Прыедуць да мяне - абавязкова прывядзі іх сюды, - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да першага віцэ-прэм'ера Мікалая Снапкова. - Скажы: пойдзем у "Макдональдс". Беларусы працуюць, беларускае абсталяванне, беларускі прадукт".

Беларускі лідар таксама выказаўся аб высокай якасці айчынных прадуктаў харчавання. Не ў апошнюю чаргу гэтага ўдалося дасягнуць за кошт рашэння аб захаванні савецкіх ДАСТаў у Беларусі.

Пасля размовы з супрацоўнікамі "Мак.бай" Прэзідэнт асабіста прадэгуставаў разнастайнае меню рэстарана. Ён зрабіў заказ праз кіёск самаабслугоўвання, выбраўшы бургер, бульбу фры, курыцу, каву, дэсерт. "Майце на ўвазе, што я ў "Мак.бай" першы раз. І ў рэстаране ў сваім жыцці я быў, можа, тры разы. У звычайных рэстаранах, савецкіх", - прызнаўся Кіраўнік дзяржавы.

Раней Аляксандр Лукашэнка гаварыў аб тым, што яму было б цікава наведаць гэту сетку. У час рабочай паездкі ў Кіраўскі раён у жніўні 2025 года ён сказаў, што зробіць гэта пры адной умове - калі там яго пачастуюць стравай, зробленай на 100 працэнтаў з беларускіх прадуктаў. Тады Прэзідэнт прызнаўся, што ні разу не спрабаваў тое, што прапануецца ў меню "Мак.бай". 

 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца