03.04.2026 09:08

Наведванне трэніроўкі хакейнай каманды "Дынама-Мінск"

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка наведаў трэніроўку хакейнай каманды "Дынама-Мінск". Кіраўнік дзяржавы прыехаў у "Мінск-Арэну", каб падтрымаць ігракоў і трэнерскі штаб перад стартам у другім раўндзе плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі, дзе мінскія "зубры" згуляюць серыю матчаў супраць казанскага "Ак Барса". 

Націсніце для прагляду малюнка 02.04.2026г. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

"Дзякуй вам за першы раўнд. Гэта толькі пачатак. Я вельмі спадзяюся... Я перадаваў ужо тут праз начальнікаў: калі вам нешта патрэбна, каб падрыхтавацца да другога этапу, вы скажыце. Медыцына, масажысты добрыя... Увогуле, калі нешта трэба - гаварыце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што яго крыху непакоіць вялікі перыяд паміж гульнямі. Важна, каб ігракі не страцілі спартыўны тонус. "Таму я сказаў хакеістам нашым галоўным: калі вам трэба арганізаваць нейкі спарынг - выбраць лепшых у Беларусі - і недзе праз дзень-два згуляць, - пастараемся. Усё, што трэба, мы гатовы для вас зрабіць. Гэта не дабрачыннасць. Таму што вы сапраўды заслужылі імя народнай каманды. Вас любяць не толькі ў Мінску, але па ўсёй Беларусі. Гэта вялікая справа", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Капітан каманды Андрэй Стась ад усіх ігракоў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падтрымку і запрасіў на першы матч з "Ак Барсам" у Мінску. "Трэба, каб Вы прыйшлі. Абавязкова", - сказаў ён.

"Ды я гатовы тут начаваць, толькі б выйгралі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Згуляйце дастойна, каб народ не расчараваўся ў вас".

Што датычыцца гульні ў матчах першага раўнда плэй-оф, у ходзе якога хакеісты "Дынама-Мінск" адолелі аднаклубнікаў з Масквы, Прэзідэнт сказаў: "Усё было прыгожа і добра".

Кіраўнік дзяржавы ацаніў гульню варатара Зака Фукале: "Зак малайчына, вельмі нядрэнна гуляў. Вядома, час ужо яму ў далёкі правы вугал не прапускаць. Але добра, што не прапускае знізу".

"Малайцы, абаронцы вельмі добра (спрацавалі. - Заўвага), нападаючыя. А тое, што Віталь такі пас аддаў нашаму "Ак Барсаўцу" (гаворка пра перадачу Віталя Пінчука ў вырашальнай гульні з "Дынама-Масква" ў адрас Станіслава Галіева, які раней выступаў за "Ак Барс". - Заўвага), - гэта наогул цуд. Малайцы. Такі кідок вельмі правільны", - ацаніў гульню Аляксандр Лукашэнка.

Але на будучае Кіраўнік дзяржавы даў такую параду: "Трэба прагматычна гуляць. Таму што я ведаю, што гэта (прагматычны падыход. - Заўвага) не ваша гульня. Вы - людзі атакуючыя: наперад, наперад, наперад, а потым праваліліся... Ну, гэта плэй-оф. Недзе трэба адкінуць, недзе трэба адскочыць, у абароне пагуляць і гэтак далей. Не прайграваць укідванне. Каб не 75% было, а 100%. Таму што кожны элемент важны".

Беларускі лідар цёпла пагутарыў з ігракамі і трэнерскім складам і сам прыняў удзел у трэніроўцы, зрабіўшы некалькі кідкоў па варотах.

Традыцыйна не абышлося і без падарункаў. Аляксандр Лукашэнка перадаў хакеістам хлеб, сала, прысмакі, мёд, а трэнерам яшчэ і моцныя напіткі.

"Хлеб начной выпечкі з Віцебска", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Перадаючы ігракам сала, ён звярнуўся да амерыканскага нападаючага ў складзе каманды Сэма Энаса: "Запомні, для хакеіста галоўнае - не курыць, не наркотыкі. Вось наркотык - самы лепшы. Наразай, і пасля трэніроўкі пачастуеш хлопцаў".

У сваю чаргу мёд, як расказаў Прэзідэнт, з яго малой радзімы. "Гэта вам мёд у любы час. Можна на ноч", - сказаў ён.

"Хлопцы, дзякуй вам вялікі. Гэта ўсё для вас, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Прыйду на гульню. Пагляджу, як вы будзеце гуляць. Дзякуй, хлопцы, беражыце каманду, каб не развалілася".

"Мы за вас вельмі балеем. Што скажаце, усё будзем рабіць. І не толькі ў час вашай гульні, але і пасля яе. Застаняцеся ў Мінску - падумаем, чым вам дапамагчы. Поле травы я вам падрыхтаваў касіць. Таму што гэта ж рухі тыя ж самыя. Дровы сячы будзем. Я гатовы з вамі рыхтавацца ў міжсезонцы і выканаць той аб'ём работ, якія вы будзеце выконваць. З маленькай папраўкай. Дзякуй вам, хлопцы", - сказаў Прэзідэнт.

На завяршэнне на памяць зрабілі агульнае фота. "Заўтра на першую старонку ў асноўную газету. І кожнаму газету раздаць", - даручыў беларускі лідар. 

 

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • Падзяліцца